Дхаммапада па-беларуску - стары недакладны пераклад з польскай 2012

Катэґорыя: Кірыліцай / Навіны / Łacinkaj / Naviny

dhammapada-pa-bielarusku.pdf [1,28 Mb] (cкачиваний: 146)
dhammapada-pa-bielarusku-lacinkaj.pdf [1,47 Mb] (cкачиваний: 141)

На Беларускую мову Дхаммапада* перакладзена Сержам Калеевым (Serge Kaleyeu, spakoj.eu@gmail.com, facebook.com/s.kalejeu) у 2012 годзе. Дадзены пераклад зроблены ў асноўным на падставе Польскага перакладу Зьбігнева Бэкера (Zbigniew Becker), зробленага ім на падставе Ангельскага перакладу з Палійскай Acharya Buddharakkhita. Свабодны распаўсюд усіх зробленых мной перакладаў дазваляецца й вітаецца.

Заўважыў недакладнасьць? Паведамі перакладчыка(у)! :-)


Зьмест



Разьдзел 1: Пары (падвойныя строфы)

1. Розум папярэднічае ўсім злым станам (думкам).
Розум зьяўляецца правадыром; яны створаны розумам.
Калі гаворыш альбо дзейнічаеш са злым розумам,
надыйдзе цярпеньне, так як кола возу
накіроўваецца за падковай вала, які яго цягне.

2. Розум папярэднічае ўсім добрым станам.
Розум зьяўляецца правадыром; яны створаны розумам.
Калі гаворыш альбо дзейнічаеш з добрым розумам,
надыйдзе дабрыня, так як цень,
які цябе ніколі не пакідае.

3. "Ён мяне абразіў, пабіў, адолеў, абакраў" -
У асобах, якія жывяць такія думкі, гнеў ня згасьне.

4. "Ён мяне абразіў, пабіў, адолеў, абакраў" -
У асобах, якія ня жывяць такіх думак, гнеў будзе згашаны.

5. Нянавісьць у гэтым сьвеце ніколі не супакоіцца нянавісьцю; адзінае праз брак нянавісьці (не-нянавісьць) нянавісьць супакойваецца. Гэта Адвечнае Права (Закон).

6. Ёсьць тыя, якія не ўсьведамляюць, што пэўнага дня ўсе мусім памерці, аднак тыя, хто гэта разумее, сканчваюць свае спрэчкі.

7. Так як бура валіць слабое дрэва, так Мара змагае чалавека, які жыве адно толькі ў імкненьні да прыемнасьці, неапанаванага ў сваіх пачуцьцях, залішняга ў ядзеньні, лянівага і марнатраўнага.

8. Так як бура ня ў стане паваліць скалістае гары, так Мара ніколі не пераможа чалавека, які жыве ў медытацыі над забруджваньнямі, які пануе над сваімі пачуцьцямі, умеранага ў ежы і поўнага веры з чыстым высілкам.

9. Хто будучы распусным, пазбаўлены самаапанаваньня і праўдамоўнасьці, апранае жоўтае мніскае адзеньне, з пэўнасьцю яго ня варты.

10. Але хто ачысьціўся зь няправільнасьці, мае ўгрунтаваныя цноты й поўны самаапанаваньня і праўдамоўнасьці, сапраўды годны мніскага адзеньня.

11. Хто блытае неістотнае з істотным, а істотнае зь неістотным, трывае пры памылковых думках і ніколі не дасягне таго, што істотнае.

12. Хто распазнае істотнае як істотнае, а неістотнае як неістотнае, мае ўласьцівыя погляды і дасягне таго, што істотнае.

13. Так як дождж пранікае празь дзіравы дах,
так жаданьне пранікае да невыпрактыкаванага розуму.

14. Так як дождж не пранікае праз добра забясьпечаны дах,
так жаданьне не пранікае да выпрактыкаванага розуму.

15. Злачынец шкадуе і зараз, і ў наступным жыцьці; шкадуе ў абодвух сьветах. Распачуе і церпіць, узгадваючы свае нячыстыя ўчынкі.

16. Дабрачынца радуецца зараз і ў наступным жыцьці; радуецца ў абодвух сьветах. Радуецца і трыюмфуе, узгадваючы свае чыстыя ўчынкі.

17. Зараз церпіць і пазьней будзе цярпець. Злодзей церпіць у двух часах. "Зрабіў зло" - думае і церпіць. Церпіць таксама, калі ідзе да ніжэйшых сьветаў.

18. Зараз шчасьлівы і пазьней будзе шчасьлівы. Дабрачынца шчасьлівы ў двух часах. "Зрабіў дабро" - думае і ёсьць шчасьлівы. Таксама шчасьлівы, калі пераходзіць да поўнага асалоды стану.

19. Нават калі нехта цытуе сьвятыя тэксты, аднак не захоўваецца ў адпаведнасьці зь імі, то такі няўважны чалавек ёсьць нібы пастыр, які лічыць статак некага іншага - ня ўдзельнічае ў плёнах сьвятога жыцьця.

20. Нават калі нехта рэдка цытуе сьвятыя тэксты, аднак стасуе Навуку ў практыцы, пакідаючы прагу, нянавісьць і аблуду, з праўдзівай мудрасьцю і вызваленым розумам, не трымаючыся спазмава нічога ані ў гэтым сьвеце, ані ў ніводным іншым - нехта такі сапраўды ўдзельнічае ў плёнах сьвятога жыцьця.


Разьдзел 2: Уважнасьць

21. Уважнасьць зьяўляецца сьцежкай да Несьмяротнасьці [Нібаны],
няўвага зьяўляецца сьцежкай да сьмерці.
Уважлівыя не паміраюць, няўважлівыя ўжо як трупы.

22. Добра разумеючы тое адрозьненьне,
уважныя мудрацы цешацца ўважнасьцю,
раскашоўваючыся сьферамі Ар'яў [Шляхетных].*

23. Мудрацы, заўсёды медытуючыя і вытрывалыя, дазнаюць Нібаны, непараўнанай свабоды ад коваў.

24. Стала ўзрастае слава таго, хто ў сваім захаваньні поўны энэргіі, прытомнасьці і чысьціні, хто бачлівы і самаапанаваны, правы і ўважны.

25. Праз працяжны высілак, дысцыпліну, самакантроль, няхай мудрэц збудуе сабе выспу, якую нічога не паглыне.

26. Ігнаранцкі, глупы люд раскашоўваецца няўважнасьцю,
Мудрэц захоўвае пільнасьць як найвялікшы скарб.

27. Не трапляй у няўважнасьць, ня страчвай сябе ў цялесных прыемнасьцях.
Сапраўды, уважная асоба, якая практыкуе медытацыю, дасягае вялікай асалоды.

28. Калі чалавек пакідае няўважнасьць і захоўвае бачнасьць, атрымлівае мудрасьць і вольнасьць ад смутку. Выразна бачыць іншых пагружаных у смутку і глупстве, так як асоба, якая стаіць на ўзгорку бачыць раўніны.

29. Уважны сярод няўважных, цалкам абуджаны сярод сьпячых, мудрэц выступае наперад нібы жвавы верхавы конь, які пакідае за сабой марных канёў.

30. Праз сваю чуйнасьць Індра стаў водцам багоў. Уважнасьць заўсёды годная пахвалы, а няўважнасьць - заўсёды пагарды.

31. Мніх, які раскашоўваецца ўважнасьцю, а баіцца няўважнасьці, прасоўваецца наперад нібы агонь палячы любыя ковы, як дробныя, так і вялікія.

32. Мніх, які раскашоўваецца ўважнасьцю, а баіцца няўважнасьці, ніколі не ўпадзе. Ёсьць блізка Нібаны.


Разьдзел 3: Розум

33. Так як вытворца стрэлаў выпрамляе стралу, так таксама ўважны чалавек выпрамляе свой розум - як жа хаатычны й нясталы, як жа цяжкі да ўпільнаваньня і апанаваньня.

34. Як рыба выцягнутая з вады і выкінутая на зямлю, якая кідаецца і шарпаецца, такім ёсьць разгарачаны розум. Належыць таму пакінуць сьферу прагненьняў.

35. Сапраўды цудоўным зьяўляецца апанаваньне розуму, так цяжкага да паўстрыманьня, заўсёды шпаркага ў хапаньні ўсяго, чаго толькі запрагне. Апанаваны розум прыносіць шчасьце.

36. Няхай уважны чалавек пільнуе свайго розуму, так цяжкага да апанаваньня і ў найвышэйшай ступені субтэльнага, які хапаецца ўсяго, чаго толькі запрагне. Упільнаваны розум прыносіць шчасьце.

37. Схаваны ў пячэры [цела], пазбаўлены кшталту, розум вандруе далёка і рухаецца сам. Тыя, што паўстрымліваюць гэты розум, вызваляюцца з кайданоў Мары.

38. Калі розум некага ня ёсьць сталы, калі нехта такі ня ведае Добрай Навукі і яго вера ёсьць хісткай, мудрасьць такой асобы ня будзе дасканалай.

39. Няма страху для Абуджанага, некага, чый розум незаплямлены [пажаданьнем] ані заражаны [нянавісьцю], хто перакрочыў заслугу і правіну.*

40. Бачачы, што гэта цела крохкае нібы гліняны жбан, узмацняй свой розум нібы ўзмоцненае места і перамажы Мару мячом мудрасьці. Потым, ахоўваючы сваю перамогу, застаніся непрывязаны да нічога.

41. Неўзабаве, ах! Гэта цела спачне на зямлі пазбаўленае апекі і жыцьця, быццам непатрэбная калода.

42. Што б ні ўчыніў вораг ворагу альбо нехта поўны нянавісьці іншаму - кепска накіраваны розум вырабляе чалавеку значна большую крыўду.

43. Ані матка, ані бацька, ані ніводны іншы кроўны ня можа прынесьці чалавеку большага дабра, чым яго ўласны, добра накіраваны розум.

Іншы варыянт перакладу 43: Ня можа тое выканаць бацька, ня можа тое выканаць матка. Адзінае ўласьціва накіраваны розум можа таго даканаць, таму зьяўляецца прычынай узвышэньня.


Разьдзел 4: Кветкі

44. Хто пакорыць зямлю, сьветы цярпеньня і сьферу людзей і багоў? Хто дасканала ўрэчаісьніць гэтую ясна прадстаўленую сьцежку мудрасьці, так як майстар укладаньня кветак дасканаліць свае кветкавыя кампазіцыі?

45. Той, хто засяроджвае розум на сьцежцы, скорыць гэту зямлю, гэтыя сьветы цярпеньня і гэтую сьферу людзей і багоў. Той, хто канцэнтруецца на сьцежцы мудрасьці, прывядзе яе да дасканаласьці, так як майстар укладаньня кветак дасканаліць свае кветкавыя кампазіцыі.*

46. Бачачы, што гэта цела ёсьць нібы пена на хрыбеце хвалі, пранікнуўшы яго звадную натуру і вырваўшы закончаныя кветкамі [цялесных жаданьняў] стрэлы Мары, ідзі там, дзе цябе ўжо ня ўгледзіць Кароль Сьмерці!

47. Так як магутная паводка зносіць сьпячую вёску, так сьмерць забірае чалавека з разьбеганым розумам, які адно толькі зрывае кветкі [раскошы].

48. Вялікі Нішчыцель запаноўвае над чалавекам з разьбеганым розумам, які зрывае адно толькі кветкі [раскошы], ненаеднага ў цялесных жаданьнях.

49. Так як пчала зьбірае мёд з кветкі, ня нішчачы ані ейнае барвы, ані паху, так мудрэц [мніх] абыходзіць вёску просячы аб афяраваньнях.*

50. Няхай ніхто не шукае памылак у іншых, няхай не шукае занядбаньняў і злых учынкаў у іншых. Няхай бачыць свае ўласныя чыны - што зрабіў і чаго не ўчыніў.

51. Нібы прыгожая кветка, поўная барваў, але пазбаўленая паху - так бясплённымі зьяўляюцца прыгожыя словы некага, хто не захоўваецца згодна зь імі.

52. Нібы прыгожая кветка, поўная барваў і водару - так плённымі зьяўляюцца прыгожыя словы некага, хто захоўваецца згодна зь імі.

53. Так як зь вялікае безьлічы кветак можна зрабіць мноства гірляндаў, так таксама той, хто нарадзіўся сьмяротным, павінен зьдзейсьніць мноства добрых учынкаў.

54. Супраць ветру не паплыве салодкі пах кветак, водар сандалавага дрэва, тагары альбо язьміну. Але водар таго, што цнатлівае, паплыве нават супраць ветру. Чалавек цнатлівы сапраўды насычае ўсе кірункі водарам сваёй правасьці.

55. З усіх духмяных пахаў - сандалу, тагары, блакітнага лотасу і язьміну - водар цноты ёсьць найсалодшы.

56. Далікатным ёсьць пах тагары і сандалу, але водар таго, што цнатлівае ёсьць найцудоўнейшы, разносячыся нават сярод багоў.

57. Мара ніколі не адкрые сьцежак некага сапраўды цнатлівага, хто трывае ў чуйнасьці і вызвалены дзякуючы дасканалым ведам.

58. На купе сьмецьця ў прыдарожным рове зацьвітае лотас, пахучы й радуючы вочы.

59. Падобна сярод масы засьляпёных сьмяротнікаў успыхвае бляскам цудоўнай мудрасьці вучань Дасканала Асьветленага.


Разьдзел 5: Дурань

60. Доўжыцца ноч таму, хто ня сьпіць; доўжыцца кожная міля ўцяжаранаму; доўжыцца зямное жыцьцё дурням, якія ня ведаюць Узьнёслае Праўды.

61. Калі б шукальнік Праўды не знайшоў лепшага альбо роўнага сабе таварыства, няхай без замаруджваньня сьледуе самотным шляхам; няма для яго супольнасьці з дурнем.

62. Дурань непакоіцца, думаючы: "Маю сыноў, маю багацьце". Калі сапраўды нават ён сам не зьяўляецца сваёй уласнасьцю, то як жа яго сыны, як жа яго багацьці?

63. Дурань, які ведае, што зьяўляецца дурнем, з натуры ёсьць мудры (прынамсі ў тым мудры), а дурань, які лічыць сябе за мудраца, фактычна ёсьць дурнем.

64. Дурань, хоцьбы на працягу ўсяго жыцьця стасаваўся з мудрацом, ня болей зразумее Праўды, чым лыжка зазнае смаку супу.

65. Чалавек быстры, хоцьбы адно толькі на працягу хвіліны стасаваўся з мудрацом, спрытна спасьцігне праўду, так як язык зазнае смаку супу.

66. Разумова абмежаваныя дурні зьяўляюцца ўласнымі непрыяцелямі, калі дапускаюцца злых учынкаў, якіх плёны ёсьць горкія.

67. Злым зьяўляецца ўчынак, аб якім пазьней шкадуецца і якога плады зьбіраюцца сярод сьлёзаў на ўстрывожаным твары.

68. Добрым зьяўляецца той учынак, аб якім пасьля не шкадуецца і якога плады зьбіраюцца сярод задаволенасьці і шчасьця.

69. Дурань думае, што злы чын салодкі як мёд. Думае так да моманту, калі плод гэтага чыну не пачне пасьпяваць.

70. Дурань можа нават месяцамі есьці свой харч толькі канчаткам сьцябла травы, аднак усё яшчэ ён ня варты нават шаснаццатае часткі некага, хто спасьцігнуў Праўду.

71. Сапраўды, злы ўчынак не выдае плёну адразу, так як малако, якое ня кісьне ў момант. Аднак цьмеючы, зло накіроўваецца ў сьлед за дурнем нібы агонь прыкрыты попелам.

72. Дурань на сваю ўласную згубу здабывае веды, разносяць яны адно толькі ягоную галаву і нішчаць прыроджаную дабрыню.

73. Дурань шукае незаслужанай славы, лідарства сярод мніхаў, кіраўніцтва над кляшторам і шанаваньняў ад сьвецкіх людзей.

74. "Няхай і мніхі, і людзі сьвецкія думаюць, што я таго даканаў. Няхай ва ўсіх справах, і вялікіх, і дробных сьледуюць за мной" - такія ёсьць амбіцыі дурня; так нарастаюць у дурню яго жаданьні і пыха.

75. Нечым адным ёсьць пошук зямных прыбыткаў, а нечым абсалютна іншым сьцежка да Нібаны. Няхай мніх, вучань Буды, ясна то разумеючы, ня дасьць сябе зьвесьці сьвецкім гонарам, але няхай замест таго разьвівае ў сабе брак прывязаньняў да зямных справаў.


Разьдзел 6: Мудрэц

76. Калі ўбачым мудрага чалавека, які ўказвае нам нашыя памылкі і нас крытыкуе, маем яму спадарожнічаць, паколькі не прынясе нам тое ніякай шкоды, адно толькі карысьці.

77. Няхай нам раіць, тлумачыць і стрымлівае ад зла. Такая асоба дае прыемнасьць добрым і раздражняе злых.

78. Пакінь злых прыяцеляў, пакінь злых людзей.
Зьвязвайся з добрымі прыяцелямі, спадарожнічай шляхетным асобам.

79. Хто глыбока п'е Дхаму, жыве шчасьліва, са спакойным розумам. Мудрэц заўсёды раскашоўваецца Дхамай, якую ўказаў Шляхетны (Буда).

80. Тыя, якія займаюцца навадненьнем, ствараюць ірыгацыйныя каналы,
Флечары рыхтуюць стрэлы,
Цесьляры апрацоўваюць дрэва,
Мудрацы працуюць над уласнай дысцыплінай.

81. Так як камень (скала) застаецца нерухомай ад павеваў ветру,
Так мудрэц спачывае непахісны сярод пахвалаў і наганаў.

82. Так як глыбокае возера ёсьць празрыстае і спакойнае,
Так мудрыя асобы, пачуўшы навукі, становяцца вельмі спакойныя.

Іншы варыянт перакладу 82: Пачуўшы Навуку, мудрэц становіцца дасканала ачышчаны нібы глыбокае, празрыстае і спакойнае возера.

83. Людзі добрыя выракаюцца ўсяго, цнатлівыя не ўзрушаюцца над прыемнасьцямі жыцьця. Мудрыя не выказваюць узьнясеньняў ані дэпрэсіяў, калі спатыкае іх шчасьце ці смутак.

84. Той сапраўды цнатлівы, мудры і правы, хто ані для ўласнай карысьці, ані для іншых [ня чыніць нічога неўласьцівага], хто ня прагне ані сыноў, багацьця ці каралеўства, ані таксама ня прагне посьпеху здабытага несправядлівымі метадамі.

85. Нямногія сярод людзей дабіраюцца да другога берагу.
Рэшта, большасьць людзей, бегае туды-сюды па гэтым беразе.

86. Аднак тыя, якія дзейнічаюць згодна з дасканала патлумачанай Дхамай, перакрочваюць паза ўладаньне Сьмерці, так цяжкае да перакрочаньня. 87-88. Пакінуўшы цёмную дарогу, няхай мудрэц крочыць яснай сьцежкай. Адышоўшы з дому ў бяздомнасьць, няхай сумуе адно толькі за раскошай браку прывязаньняў, якую так цяжка зазнаць. Пакінуўшы прыемнасьці цела, вольны ад прывязаньняў, мудрэц павінен ачышчацца ад занечышчэньняў розуму.

89. Тыя, чые розумы дасягнулі поўную дасканаласьць у тым, што праводзіць да асьвятленьня, якія выракліся прагнасьці й радуюцца нечапляньнем да нічога - вызваленыя зь нішчыцельскіх уплываў ясьнеюць мудрасьцю і дасягнулі Нібаны ўласна ў гэтым жыцьці.*


Разьдзел 7: Дасканалы (Архат)

90. Для некага, хто даканаў свайго падарожжа, хто вольны ад смутку, цалкам вызвалены й сарваў усе непакоячыя абмежаваньні - ня йснуе ўжо гарачка пачуцьцяў.

91. Людзі разумныя пабуджваюць самі сябе. Не прывязаныя да ніводнага дому пакідаюць за сабой адзін за другім, нібы лебедзі пакідаюць азёры.

92. Тых, што не награмаджваюць рэчы й разумныя што да харчаваньня, якіх мэтай зьяўляецца Пустка, нічым не абумоўленая свабода - іх шляхоў, так як сьлядоў птушак у паветры, ня ўдасца дасачыць.

93. Хто выдаліў руйнуючыя зганьбеньні і хто не прывязаны да харчаваньня, якога мэтай зьяўляецца Пустка, нічым не абумоўленая свабода - таго сьцежкі, так як сьлядоў птушак у паветры, ня ўдасца дасачыць.

94. Нават багі цэняць людзей мудрых, якіх думкі апанаваныя нібы коні добра выежджаныя вазьнічым калясьніцы, якіх пыха была выдаленая і якія вызвалены ад руйнуючых нечыстотаў.

95. Няма ўжо звычайнага зямнога жыцьця для мудраца, які нібы зямля нічога не прымае як злое; які ёсьць непахісны нібы высокі слуп і так чысты, як вольны ад мулу глыбокі стаў.

96. Спакойныя думкі, спакойная мова і спакойныя чыны таго, хто мае праўдзівыя веды, ёсьць цалкам вольны, дасканала спакойны і мудры.

97. Чалавек, які ёсьць вольны ад сьляпой веры, які ведае тое, што не было створана, адрэзаў усе турботныя абмежаваньні, выдаліў усе прычыны (выклікаючыя каму, добрыя і злыя) і які адкінуў усе жаданьні - зьяўляецца сапраўды найвыбітнейшым зь людзей.*

98. Ці то вёска, ці лес,
Узгорак ці даліна,
Месца, у якім прыбываюць Арахаты
Сапраўды натхняючае.

99. Натхняючыя тыя лясы, у якіх звычайныя людзі не знаходзяць нічога прыемнага. Там будуць зазнаваць радасьць тыя, якія вызваліліся ад палу, паколькі не шукаюць яны ўжо цялесных прыемнасьцяў.


Разьдзел 8: Тысячы

100. Ад тысячы сказаў, якія складаюцца з марных словаў,
Лепшае ёсьць адно карыснае (трапнае) слова,
Пачуўшы якое, дасягаецца спакой.

101. Ад тысячы вершаў, якія складаюцца з марных словаў,
Лепшы ёсьць адзін трапны верш,
Пачуўшы які, дасягаецца спакой.

102. За паўтараньне сотні зваротак без значэньня,
Лепей ёсьць вымаўленьне адной звароткі Дхамы [Праўды, Навукі],
Пачуўшы якую, дасягаецца спакой.

103. Можна тысячу разоў перамагчы тысячу ваяроў у бойцы.
Аднак той, хто перамог уласны эгаізм,
Зьяўляецца найвялікшым пераможцам.

104-105. Перамога над самім сабой ёсьць значна лепшай ад перамогі над іншымі. Нават бог, анёл, Мара ці Брахма не заменіць у паразу перамогі асобы, якая самаапанаваная й заўсёды стрыманая ў сваіх учынках.

106. Калі б нехта на працягу сотні гадоў, месяц за месяцам складаў тысячныя афяры, а іншы на працягу толькі хвілі ўшаноўваў тых, якія разьвілі ўласны розум, то пашана аддадзеная тым другім ёсьць лепшай ад стагодзьдзя афяраў.

107. Калі б нехта на працягу стагодзьдзя падтрымліваў у лесе афярнае вогнішча, а іншы толькі на працягу хвіліны ўшаноўваў тых, якія разьвілі ўласны розум, то пашана аддадзеная тым другім ёсьць сапраўды лепшай ад стагодзьдзя афяраў.

108. Чаго б не афяроўваў праз цэлы год нехта ў пошуку заслугаў у гэтым сьвеце - не было б тое варта нават чацьвёртае часткі сапраўды цудоўнай заслугі, якая атрымліваецца праз аддаваньне пашаны Шляхетным.

109. Тыя, хто маюць звычку няспыннага аказваньня шацунку старэйшым,
Цешацца ўзростам чатырох блаславеньняў,
Зьвязаных з узростам, прыгажосьцю, задавальненьнем і сілай.

Іншы варыянт перакладу 109: Хто заўсёды гарлівы, паважае старэйшых і служыць ім, таго спатыкаюць чатыры блаславеньні: доўгае жыцьцё і прыгажосьць, шчасьце і моц.

110. Лепей пражыць адзін дзень у цноце і медытацыі, чым жыць сто год немаральна і без апанаваньня.

111. Лепей пражыць адзін дзень у мудрасьці і медытацыі, чым жыць сто год у глупстве і без апанаваньня.

112. Лепей пражыць адзін дзень у рашучасьці і высілку, чым жыць сто год у цяжары і марнаваньні сілаў.

113. Лепей пражыць адзін дзень, назіраючы паўставаньне і распад рэчаў, чым жыць сто год, ніколі не заўважыўшы паўставаньня і распаду рэчаў.

114. Лепей пражыць адзін дзень бачачы тое, што ёсьць паза сьмерцю, чым жыць сто год, ніколі ня ўбачыўшы таго, што паза сьмерцю.

115. Лепей пражыць адзін дзень заўважаючы Найвышэйшую Праўду, чым жыць сто год, ніколі не заўважыўшы Найвышэйшае Праўды.


Разьдзел 9: Зло

116. Сьпяшайся чыніць дабро,
Барані розум ад зла,
Бо розум таго, хто паволі чыніць дабро
Раскашоўваецца злом.

117. Калі нехта зьдзейсьніць зло,
Не павінен яго паўтараць раз за разам,
Не павінен у ім знаходзіць прыемнасьці.
Таму што награмаджэньне зла вельмі балючае.

118. Калі нехта зьдзейсьніць добры чын,
Павінен яго паўтараць раз за разам,
Павінен у ім знаходзіць прыемнасьць.
Таму што награмаджэньне дабра прыносіць шчасьце.

119. Чынячаму зло ўсё можа падавацца ўласьцівым, пакуль зло не сасьпее; аднак калі ўжо сасьпее, тады ён бачыць [балючыя наступствы] сваіх злых учынкаў.

120. Чынячаму дабро ўсё можа падавацца не такім, як быць павінна, пакуль дабро не сасьпее; аднак калі ўжо сасьпее, тады ён бачыць [прыемныя наступствы] сваіх добрых учынкаў.

121. Не пагарджай злом, думаючы: "Гэта мяне не датыкне". Кропля па кроплі напаўняецца вадою жбан, і падобна дурань, награмаджваючы зло пакрысе, увесь ім напаўняецца.

122. Не пагарджай дабром, кажучы: "Тое мне нічога ня дасьць". Кропля па кроплі напаўняецца вадою жбан, і падобна мудры чалавек, награмаджваючы дабро пакрысе, увесь ім напаўняецца.

123. Падобна як купец з малой эскортай і вялікім багацьцем
Пазьбягае небясьпечных дарогаў,
Так як той, хто прагне жыць, пазьбягае атруты,
Так уласна належыць пазьбягаць злых учынкаў.

124. Калі далонь ёсьць вольнай ад ранаў, можна ў яе браць нават атруту. Атрута не дасягне некага вольнага ад ранаў, а для вольнага ад зла няма рэчаў неўласьцівых.

125. Як пыл кінуты пад вецер, зло падае са зваротам на дурня, які пакрыўдзіў чалавека лагоднага, чыстага і нявіннага.

126. Некаторыя нараджаюцца з лона; злыя нараджаюцца ў пекле; пабожныя ідуць да неба; дасканалыя пераходзяць у Нібану.

127. Ані на небе, ані ў глыбіні акіяну, ані ў горных расколінах, ані нідзе на сьвеце няма месца, куды можна было б уцячы ад наступстваў злых чынаў.

128. Ані на небе, ані ў глыбіні акіяну, ані ў горных расколінах, ані нідзе на сьвеце няма месца, дзе можна было б пазьбегнуць сьмерці.


Разьдзел 10: Гвалт

129. Усе дрыжаць, калі бачаць узьнесены кій.
Усе баяцца сьмерці.
Беручы самаго сябе за прыклад,
Не належыць удараць іншых
ані выклікаць, каб былі бітыя.

130. Усе дрыжаць, калі бачаць узьнесены кій.
Жыцьцё дорага кожнаму.
Беручы самаго сябе за прыклад,
Не належыць удараць іншых
ані выклікаць, каб былі бітыя.

131. Хто прагне шчасьця для сябе і гвалтам мучае іншых, якія шчасьця таксама прагнуць, не зазнае шчасьця ў засьветах [у канцы сам яго не дасягне].

132. Хто шукаючы шчасьця ніколі ня крыўдзіць іншых, якія таксама прагнуць шчасьця, урэшце яго дасягне.

133. Ня будзь для нікога жорсткі ў словах; тыя, да каго мог бы так зьвяртацца, маглі б адузаемніць. Гнеўныя словы сапраўды раняць, а адказ можа быць яшчэ гвалтоўнейшы.

134. Калі суцішыў сябе, і замоўк нібы трэснуты гонг, дабраўся да Нібаны, няма ўжо ў табе помсты.

135. Так як пастыр пераганяе кіем быдла на пашу, так старасьць і сьмерць пераганяе жыцьцёвую сілу з жывых істотаў [з аднаго ўцяленьня ў другое].

136. Калі дурань дапускаецца злых учынкаў, не ўсьведамляе [іх злой натуры]. Бяздумны чалавек пакутуе праз свае папярэднія ўчынкі, нібы нехта прыпалены агнём.

137. Хто ўжывае гвалт у стасунку да тых, якія ёсьць безабаронныя, і крыўдзіць тых, што нявінныя, неўзабаве выклікае на сябе адну з наступных выпадковасьцяў:
138-140. Востры боль альбо катастрофу, пашкоджаньне цела, сур'ёзную хваробу альбо памяшаньне розуму, клопаты з боку ўлады альбо цяжкія абвінавачваньні, страту блізкіх альбо страту здабытку, зьнішчэньне дому праз пажар. Калі яго цела распадаецца, гэты пазбаўлены ведаў чалавек адраджаецца ў пекле.

141. Ані хаджэньне без накрыцьця, ані спутаныя валасы, ані зьнясеньне бруду, ані галаданьне, ані ляжаньне на зямлі, ані пасыпаньне сябе попелам і пылам, ані сядзеньне на ўласных пятах [у пакуце] ня можа ачысьціць сьмяротніка, які не перамог нясталасьці розуму.

142. Нехта можа насіць багатыя строі, аднак калі зьяўляецца ўраўнаважаным, спакойным, апанаваным і ўгрунтаваным у сьвятым жыцьці, і калі адкінуў гвалт у стасунку да ўсіх жывых істотаў - то ёсьць сапраўды сьвятым, некім, хто выракся, мніхам.

143. Рэдка здараецца на гэтым сьвеце нехта, кім кіруе сьціпласьць і хто ўнікае наганаў, так як конь поўнай крыві, які не патрабуе пугі.

144. Нібы конь поўнай крыві падганяны пугай, усілкоўвайся, няхай напаўняе цябе духоўная тускнота. Празь веру й маральную чысьціню, высілак і медытацыю, дасьледваньне праўды, багацьце навукі і ўважнасьць - зьнішчы гэта непамернае цярпеньне.

145. Тыя, якія займаюцца навадненьнем, ствараюць ірыгацыйныя каналы,
Флечары рыхтуюць стрэлы,
Цесьляры апрацоўваюць дрэва,
Добрыя людзі пануюць над сабой.

Іншы варыянт перакладу 145: Будаўнічыя каналаў рэгулююць бег водаў; вытворцы стрэлаў іх выпрамляюць; цесьляры надаюць кшталт дрэву; людзі добрыя пануюць над сабой.


Разьдзел 11: Старасьць

146. Калі гэты сьвет бесьперастанку палае, як жа сьмяяцца, як жа шукаць уцехаў? Загорнуты цемрай, чаму не шукаеш сьвятла?

147. Зваж на гэтае цела, маляваную фігуру, награмаджаную масу ранаў - нездаровае, поўнае пажаданьняў, безь нічога сталага ці трывалага.

148. Выкарыстанае цела, крухкае гняздо хваробаў. Гніючая маса распадаецца, паколькі сьмерць ёсьць краем жыцьця.

149. Гэтыя бялеючыя косьці ёсьць нібы ўсохлыя тыквы параскіданыя ўвосень; убачыўшы іх, як жа можна шукаць раскошы?

150. Гэтае цела ёсьць местам збудаваным з касьцей, пакрытых мясам і крывёй, якія носяць у сабе распад і сьмерць, пыху і зайздрасьць.

151. Нават цудоўныя каралеўскія калясьніцы зужываюцца, і гэта цела таксама зношваецца. Аднак Дхама вызнаваная добрымі людзьмі не старэе; людзі добрыя вучаць ёй добрых людзей.

152. Чалавек пазбаўлены ведаў узрастае нібы вол; разьвіваецца толькі яго цела, але мудрасьць не расьце.

153. Шмат разоў я нараджаўся ў сьвеце сансары і вандраваў бескарысна, шукаючы будаўнічага гэтага дому [жыцьця]. Паўторныя народзіны ёсьць сапраўднай пакутай.

154. О будаўнічы, цяпер цябе бачу! Ужо не ўзьнясеш паўторна гэтага дому. Твае кроквы паламаныя, каляніца разьбітая. Мой розум дасягнуў тое, што Неабумоўлена; я зьнішчыў прагненьні.*

155. Тыя, якія ў маладосьці не вялі сьвятога жыцьця альбо не змаглі награмадзіць духоўных багацьцяў, марнеюць нібы старыя жураўлі каля ставу, у якім няма рыбы.

156. Тыя, якія ў маладосьці не вялі сьвятога жыцьця альбо не змаглі награмадзіць духоўных багацьцяў, ляжаць нібы ўжываныя стрэлы [выстраленыя] з луку, уздыхаючы над мінулым.


Разьдзел 12: Эгаізм

157. Калі зьяўляесься дарагім самому сабе, належыць сябе пільнаваць. Чалавек мудры няхай не прыпыняе чуйнасьці падчас ніводнага з трох перыядаў начной варты.

158. Спачатку належыць самому ўгрунтавацца ў тым, што ўласьцівае, толькі пасьля належыць павучаць іншых. У гэты спосаб мудры чалавек ніколі не дазнае наганы.

159. Належыць самому чыніць то, чаго чыненьню вучыцца іншых; калі нехта школіць іншых, то сам павінен быць самаапанаваны. Панаваньне над самім сабой ёсьць сапраўды цяжкае.

160. Кожны сам ёсьць праўдзівым абаронцам самога сябе, хто ж іншы мог бы быць абаронцам? Цалкам пануючы над самім сабой, дасягаецца майстэрства цяжкае да дасягненьня.

161. Зло, якое неразважны чалавек чыніць сам зь сябе, народжанае зь яго самога і ім самім створанае, нішчыць яго нібы дыямент руйнуючы іншы цьвёрды шляхетны камень.

162. Так як ліяна ў джунглях душыць дрэва, на якім расьце, так распусны чалавек шкодзіць сам сабе так, быццам бы зычыў тое яму яго непрыяцель.

163. Лёгка рабіць рэчы, якія для нас злыя і шкодныя,
Але сапраўды вельмі цяжка рабіць тое,
Што добрае і карыснае.

164. Хто з прычыны распусных поглядаў шальмуе навукі Арагатаў, Шляхетных, якія вядуць правае жыцьцё - той дурань, нібы бамбусовы трысьнік, выдае адно толькі плады сваёй уласнай згубы.*

165. Самому ўчыняецца зло, самому зводзіцца на сябе сказы. Самому можна зло адхіліць, самому можна сябе самога ачысьціць. Чысьціня і нечыстота залежаць ад нас саміх - ніхто ня можа ачысьціць другога.

166. Няхай ніхто не занядбае ўласнага дабра на карысьць нечага дабра, яккольвек вялікага. Ясна разумеючы свой уласны дабрабыт, належыць быць настаўленым на чыненьне дабра.


Разьдзел 13: Сьвет

167. Ня кроч вульгарнай дарогай; не паддавайся няўважнасьці; ня ўтрымлівай фальшывых поглядаў; не трывай доўга ў сьвецкім жыцьці.

168. Паўстань! Ня будзь нядбалы! Праводзь сваё жыцьцё добра. Людзі правыя жывуць шчасьліва і ў гэтым сьвеце, і ў наступным.

169. Праводзь сваё жыцьцё добра. Няхай тваё жыцьцё ня будзе нікчэмным. Людзі правыя жывуць шчасьліва і ў гэтым сьвеце, і ў наступным.

170. Хто спаглядае на сьвет як на мыльную бурбалку і міраж, таго не нагледзіць Кароль Сьмерці.

171. Будзь уважны! Агарні гэты сьвет, які ёсьць нібы здобная каралеўская калясьніца. Дурні заплятаюцца ў ім, аднак мудрацы яго не чапляюцца.

172. Той, хто некалі быў нядбалы, але ня ёсьць ужо болей няўважны, асьвятляе гэты сьвет нібы месяц вызвалены з хмараў.

173. Хто добрымі чынамі прысыпае зло, якое раней учыніў, асьвятляе гэты сьвет нібы месяц вызвалены з хмараў.

174. Гэты сьвет ёсьць сьляпы; толькі нялічныя маюць разуменьне. Толькі нялічныя, нібы птушкі, якія вызваляюцца зь сеткі, вырушаюць да краіны нябеснага хараства.

175. Лебедзі лятуць сьцежкай сонца; людзі перамагаюць перашкоды сіламі розуму; мудрыя выходзяць з гэтага сьвету, паканаўшы Мару і яго сьвіту.

176. Для таго, хто пагвалціў права [праўдамоўнасьці], хто мае ў пагардзе наступныя жывоты, для такога хлуса няма зла, якога бы не дапусьціўся.

177. Скупыя не трапляюць да нябеснай краіны, дурні не ўхваляюць шчодрасьці. Аднак чалавек мудры радуецца з абдароўваньня іншых і ўжо толькі праз тое становіцца шчасьлівым у наступным жыцьці.

178. Лепшым за ўладаньне цэлай зямлёй, лепшым за пераход да неба, лепшым нават за панаваньне над усіма сьветамі - ёсьць зьдзяйсьненьне ўваходу ў Струмень.*


Разьдзел 14: Буда (Абуджаны)

179. На каторай са сьцежак прасочыў бы неабмежаванага ніводнымі зьбітымі шляхамі Буду зь бязьмежнай свабодай, якога перамогі нічога не паверне, якога не дасягне ніводная з пакананых сказаў?

180. На каторай са сьцежак прасочыў бы неабмежаванага ніводнымі зьбітымі шляхамі Буду зь неабмежаванай свабодай, у якім няма ўжо болей пажаданьняў падтрымліваючых адраджэньне, і прагненьняў, што віхляюць і заблытваюць?

181. Людзі мудрыя, якія прысьвячаюцца медытацыі і раскашоўваюцца спакоем вырачэньня - такіх уважных, Найшляхетнейшых Будаў паважаюць нават багі.

182. Людское адраджэньне ёсьць нечым рэдкім.
Жыцьцё сьмяротнікаў цяжкае.
Нялёгка мець шанец спаткаць Дхаму.
Буды зьяўляюцца рэдка.

Іншы варыянт перакладу 182: Цяжка нарадзіцца чалавекам, цяжка жыць сьмяротнай істоце. Цяжка мець аказію пачуць Глыбокую Праўду і сапраўды цяжка дасьведчыць зьяўленьня Будаў.

183. Перастань чыніць зло,
Пашырай усялякае дабро,
Ачышчай уласны розум:
Гэта парада ўсіх будаў.

Іншы варыянт перакладу 183: Пазьбягай зла, падтрымлівай дабро, ачышчай свой розум - гэта навука Будаў.

184. Вытрывалая цярплівасьць гэта найлепшы род суровай прастаты. "Нібана ёсьць найцудоўнейшай", гаворыць Буда. Ня ёсьць праўдзівым мніхам той, хто крыўдзіць іншых; ня выракся сапраўды сьвету нехта, хто прыгнятае іншых.

185. Уніканьне пагарды, уніканьне выкліканьня крыўды іншым, стрыманасьць згодная з прынцыпамі кляшторнай дысцыпліны, умеранасьць у ежы, жыцьцё ў самотнасьці, прысьвячэньне сябе медытацыі - гэта навука Будаў.

186-187. Нават дажджом залатых манетаў не заспакоіцца пачуцьцёвых прагненьняў, бо раскошы пачуцьцяў нясуць нямнога задавальненьня, а многа болю. Спасьцігнуўшы тое, мудрацы не захапляюцца нават нябеснымі раскошамі. Вучань Найвышэйшага Буды захапляецца выкараненьнем пажаданьняў.

188. Людзі ведзеныя страхам, хаваюцца ў многіх месцах - на ўзгорках, у лясах, у гаях, на дрэвах і ў сьвятынях.

189. Ня ёсьць гэта бясьпечныя прыстанішчы; ня ёсьць тое найдасканалыя прыстанішчы. Гэта не ў такіх прыстанішчах можна вызваліцца ад усяго цярпеньня.

190-191. Хто знайшоў прыстанішча ў Будзе, ягонай Навуцы і яго Законе, той сваёй мудрасьцю пранікае Чатыры Шляхетныя Праўды - цярпеньне, прычыну цярпеньня, спыненьне цярпеньня і Шляхетную Васьмёркавую Сьцежку, якая вядзе да згасаньня цярпеньня.*

192. Гэта сапраўды бясьпечнае прыстанішча, гэта найлепшае прыстанішча. Выбраўшы такое прыстанішча, становісься вызваленым зь любога цярпеньня.

193. Цяжка знайсьці цалкам разьвітага, сапраўднага чалавека (Буду). Не паўсюль ён нараджаецца. Дзе народзіцца такі мудрэц, там народ шчасьліва квітнее.

194. Дабрачынныя народзіны Буды; дабрачынным ёсьць абвяшчэньне сьвятой Навукі; дабрачыннай ёсьць гармонія ў Законе; дабрачыннае і блаславёнае ёсьць духоўнае імкненьне згуртаваных шукальнікаў праўды.

195-196. Хто шануе годных шанаваньня, Будаў і іх вучняў, якія перакрочылі ўсе перашкоды і перайшлі паза дыяпазон смутку і роспачы - хто паважае гэтых поўных спакою і бясстрашных людзей, таго заслугаў ня ўдасца вымераць ніводнай мерай.


Разьдзел 15: Шчасьце

197. Жывем па-сапраўднаму шчасьлівыя, прыязныя сярод варожых. Сярод варожых людзей трываем вольныя ад нянавісьці.

198. Жывем сапраўды шчасьлівыя, нічым незанепакоеныя сярод людзей занепакоеных [пажаданьнем]. Сярод людзей занепакоеных трываем вольныя ад непакою.

199. Жывем праўдзіва шчасьлівыя, вольныя ад скупасьці сярод скупых. Сярод скупых людзей трываем вольныя ад скупасьці.

200. Жывем праўдзіва шчасьлівыя, мы, якія ня маюць нічога. Будзем жыць чыстаю радасьцю, нібы Зьзяючыя Багі.

201. Перамога стварае варожасьць, пакананы трывае ў болю. Людзі поўныя спакою жывуць шчасьліва, пакідаючы і перамогу, і паразу.

202. Няма агня большага за жаданьне, ані злачынства большага за нянавісьць. Няма зла (болю) большага за цела (комплекс існаваньня) ані шчасьця большага за спакой [Нібану].*

203. Голад зьяўляецца найгоршай хваробай, абумоўленыя рэчы зьяўляюцца найгоршым цярпеньнем. Пазнаючы рэчы такімі, якімі ёсьць сапраўды, мудрацы ўрэчаісьніваюць Нібану, найвышэйшае шчасьце.

204. Здароўе зьяўляецца найкаштоўнейшым здабыцьцём, а задавальненьне найвялікшым багацьцем. Асоба годная даверу зьяўляецца найлепшым таварыствам, Нібана - найвышэйшым шчасьцем.

205. Пасмакаваўшы самотнасьці і спакою, чалавек становіцца вольны ад болю і сказы, насалоджваючыся асалодаю Праўды.

206. Добра ёсьць убачыць Шляхетных, жыць разам зь імі заўсёды ёсьць шчаснай рэччу. Не сутыкаючыся з дурнямі, будзеш заўсёды шчасьлівы.

207. Доўга шкадуе той, хто вандруе ў таварыстве дурняў. Зьвязаньне з дурнем ёсьць заўсёды балючае, нібы ставарышэньне з ворагам. Аднак сувязь з мудрым зьяўляецца шчасьлівай быццам сустрэча ўласных кроўных.

208. Таму кроч за Шляхетным Будам, які ёсьць стабільны, мудры, вучоны, абавязковы і поўны адданьня. Належыць сьледаваць толькі за такімі людзьмі, якія ёсьць сапраўды добрыя і быстрыя, так як месяц крочыць сьцежкаю зораў.


Разьдзел 16: Прыемнае

209. Паддаючыся рэчам, якія належыць адкідваць, і не высілкоўваючыся там, дзе патрэбны высілак, той, хто адно толькі шукае прыемнасьцяў, пасьвячае сваё сапраўднае дабро і будзе некалі зайздросьціць тым, якія аб сваім сапраўдным дабры дбаюць.

210. Не шукай інтымнай сувязі з улюбёнымі, ані аддзяленьня ад нялюбых, паколькі як аддзяленьне ад улюбёных, так і прыбываньне зь нялюбымі ёсьць балючае.


Спампаваць цалкам dhammapada-pa-bielarusku.pdf [1,28 Mb] (cкачиваний: 146)
dhammapada-pa-bielarusku-lacinkaj.pdf [1,47 Mb] (cкачиваний: 141)

Дхаммапада на facebook'у

Будызм

Copyright © 2012- да Абуджэньня Навука Абуджанага Усе правы абаронены.
Вылучы знойдзеную памылку курсорам і паведамі нам праз Ctrl+Enter. Дзякуем!