Словы Абуджанага з розных сутаў і прыповесьцяў

Катэґорыя: Кірыліцай / Навіны

Трыкош → Кош Сутаў → Меньшы Збор → Sutta Nipata

Калі нехта кантралюе паўстаючы гнеў,
як атруту вужа вылечаную лякарствам,
перакрочвае гэты і іншы сьвет
нібы вуж скідваючы зьнішчаную скуру. (1)

Якія б не былі жывыя істоты: слабыя альбо моцныя, (...) малыя альбо вялікія (...), тыя, якія нараджаюцца альбо маюць нарадзіцца; без выключэньня, няхай усе істоты будуць шчасьлівыя! (146-147)

Так як матка, якая ахоўвае сваё адзінае дзіця нават коштам уласнага жыцьця, належыць разьвіваць гэта бязьмежнае сэрца для ўсіх істот. Няхай нашыя зычэньні неабмежаванай любові пранікнуць цэлы сьвет: вышэй, ніжэй і наскрозь без аніякіх перашкодаў, бязь ценю нянавісьці альбо варожасьці. (149-150)

Смак Праўды гэта слодыч панад слодычамі. Жыцьцё ў мудрасьці гэта найлепшае жыцьцё. (182)

Той, хто параўнае сваё цела з трупам і падумае, што яго цела ідэнтычна з трупам, пазбаўляецца прывязаньня да цела. Такі мудры мніх, які вызваляецца ад жаданьня і прывязаньня, дасягае несьмяротны, спакойны стан Нібаны. (203-204)

Спавітыя ілюзіяй не разумеюць дактрыны навучанай Будам, нават калі тлумачыцца. (276)

У адлеглых часах існавалі толькі тры хваробы: жаданьне, голад і сапсаваньне; але з прычыны забойстваў жывёлаў яны павялічыліся да дзевяноста васьмі. (311)

Тыя, якія раскашоўваюцца навукамі абвяшчанымі Шляхетнымі, ёсьць непараўнаныя ў мове, мысьлі і дзеяньні; ураўнаважаныя ў спакоі, ветлівасьці і медытацыі і атрымліваюць веды і мудрасьць. (330)

Словы праўды ня могуць памерці. (...) А словы, якія вымаўляе Буда, словы, якія праводзяць да канца цярпеньня, зьяўляюцца найкаштоўнейшымі з усіх словаў. (453-454)

У радасьці медытацыі, у поўні ведаў і ў моцы апанаваньня становімся цалкам асьветленым прыстанішчам для іншых. (503)

Жыцьцё ёсьць непрадбачнае і няпэўнае на гэтым сьвеце. Жыцьцё тут цяжкае, кароткае і адзначана цярпеньнем. (...) Жывая істота можа памерці ў кожную хвіліну. (...) На роўні як маладыя, так і старыя, глупыя ці мудрыя, будуць схапаныя ў пастцы сьмерці. Усе істоты кіруюцца да сьмерці. (...) Таму сьмерць і старасьць ёсьць паўсюдныя. Таму мудрыя не лямантуюць бачачы натуру сьвету. (...) Чалавек, які вырваў цернь, які ня мае прывязаньняў, які дасягнуў спакою розуму, перакрочыў усялякі смутак - такі - ёсьць непахісны. (574-593)

Сьвет існуе з прычыны прычыннасьці, усе рэчы ствараюцца прычыннасьцю і ўсе істоты падлягаюць прычыннасьці. (654)

Чалавек нараджаецца з вастрыём у вуснах. Калі яго мова ёсьць нездаровай, калечыцца гэтым вастрыём. (657)

Прыслухайся да шуму вады, што плыве праз расколіны і скалы. Толькі дробны струмень гучна галасіць. Вялікая вада плыве спакойна. Тое, што пустое - бубніць, што поўнае - ціхае. Дурань ёсьць як напалову пусты жбан. Мудры чалавек нагадвае поўнае вады возера. (720-721)

Няведаньне ёсьць падставай кожнай пакуты. (729)

Якія б не існавалі захапляльныя, спакушальныя і прыемныя формы, гукі, смакі, водары, датыковыя ўражаньні і думкі, усе яны згодна названы гэтым сьветам, разам зь яго багамі, як шчасьце. У тваім сьвеце гэтыя рэчы завуцца прыемнасьцю, а іх брак завецца цярпеньнем. Для вышэйшых істотаў, калі цела і асабістасьць дасягае канца, тое завецца раяваньнем. Але гэта цалкам кантрастуе са спосабам, якім бачыць іх звычайны сьвет. Тое, што сутнасна ёсьць асалодай, звычайнымі людзьмі завецца цярпеньнем, а што ў сапраўднасьці ёсьць цярпеньнем, вядома ім як прыемнасьць. Зважайце на гэты парадокс, бо нялёгка яго ўцяміць і ігнаранты памыляюцца ў дачыненьні да яго. Цемра для тых, якія знойдуцца ў гэтай пастцы, цёмнае як смала ёсьць тое для сьляпцоў і празрыстае як крышталь для тых са здаровым глуздам, бо для тых, хто бачыць, ёсьць сьвятло. (759-763)

Мудрэц пакідае паняцьце сябе альбо эга і ёсьць вольны ад хапаньня. Не пакладаецца нават на веды; не займае становішча сярод спрэчкі; ня мае ніводных догмаў. (800)

(...) чалавек, які ёсьць лагодны і прытомны, безь сьляпой веры нічаму не аказвае нежаданьня. (...) Паколькі разумее, якімі рэчы ёсьць, зьяўляецца вольны ад залежнасьці і не пакладаецца ні на чым. Для яго няма ўжо чапляньня да існаваньня і неіснаваньня. (853-856)

Той ёсьць апанаваны, хто не сьпекулюе. (861)

Праўда ёсьць пэўна адна і той, хто яе ведае, не ўдаецца ў дыспуты. (...) Не існуюць розныя праўды на сьвеце за выключэньнем тых закладаных аблуднымі перцэпцыямі. Прымаючы чыстую сафістыку ў сваіх поглядах, утрымліваюць дуалізм - "гэта праўдзівае, а тое непраўдзівае". (...) Вольны ад усіх тэорыяў мудрэц не ўдаецца ў спрэчкі на гэтым сьвеце. (884-894)

Калі дасягаецца ўнутраны спакой, нельга нідзе знайсьці ніводнага "я"; дзе, у такім выпадку, можна знайсьці "ня-я"? (919)

Калі нехта ўзьнясецца панад, тады ня маеш для яго ніводнай меры. (...) Нельга сказаць, што ня йснуе. Калі ўсялякія спосабы быцьця, усе зьявы перакрочаны, тады таксама перакрочаны ўсе апісаньні. (1076)

Усё адно чаго хапаемся (...) Таму, мніхі, бачачы, што не належыць хапацца чагокольвек, будучы ўважнымі, павінны бачыць істоты прыкутыя да прывязаньняў як істоты, якія падлягаюць сьмерці. (1103-1104)

Для Татхагаты ўсе асьпекты і ўзроўні розуму ёсьць ясныя. Таму калі нехта, кіруючыся ў бок вызваленьня, дасягае сваёй мэты, Татхагата ведае якога ўзроўню ён дасягае. (1114)

Калі будзеш цалкам уважны, зірнеш на гэты сьвет і ўбачыш яго пустку. Калі перастанеш успрымаць сябе як душу, тады ўкрочыш на сьцежку да несьмяротнасьці. Такім чынам глядзі на сьвет і сьмерць цябе не дасягне. (1119)

Паглядзі як шмат людзей мучаецца ад болю. Паглядзі якія неасьцярожныя і як моцна пакутуюць з прычыны цела і форм. Калі ня хочаш усё нанова адраджацца, мусіш дазволіць адысьці паняцьцям цела і формы. (1121)


На Беларускую мову пераклаў Сяргей Калееў (s.kaleyeu@gmail.com, facebook.com/s.kalejeu),
Супольнасьць Беларускіх Будыстаў "Сангха" (Spakoj.eu)

Крыніца: pl.wikiquote.org/wiki/Sutta_Nipata



Трыкош (Тыпітака, Палійскі Канон) → Кош Навукаў (Сутаў) → Anguttara Nikaya

(...) ня ведаю нічога больш шкоднага за непрыручаны, некантраляваны, пазбаўлены аховы і неапанаваны розум. Непрыручаны, некантраляваны, пазбаўлены аховы і неапанаваны розум зьяўляецца шкодным.
Мніхі, ня ведаю нічога больш няшкоднага за прыручаны, кантраляваны, ахоўваемы і апанаваны розум. Прыручаны, кантраляваны, ахоўваемы і апанаваны розум зьяўляецца няшкодным.
Крыніца: I, 4, 39-40

(...) ёсьць дзьве маральна добрыя рэчы, якія ахоўваюць гэты сьвет. Якія дзьве? Сорам і жаль. Калі б гэтыя дзьве маральна добрыя рэчы не ахоўвалі сьвет, людзі б ня ведалі, што такое матка, мачыха альбо цётка і што жонка настаўніка гэта жонка настаўніка. Гэта чыніць розьніцу, ня як сярод коз, птахаў, сьвіньняў, псоў і лісаў. Паколькі гэтыя дзьве маральна добрыя рэчы ахоўваюць сьвет, людзі ведаюць, кім зьяўляецца матка, мачаха, цётка і што жонка настаўніка гэта жонка настаўніка.
Крыніца: II, 1, 9 Kammakaraõavaggo

(...) што зьяўляецца вынікам разьвіцьця погляду? Узмоцненай становіцца мудрасьць. Якая карысьць з узмоцненай мудрасьці? Якім бы ні было ігнаранства, зьнікае. Нават дробныя спляменьні зьяўляюцца перашкодай у вызваленьні розуму. Дробныя спляменьні ігнаранства не дапамагаюць мудрасьці. Таму, мніхі, разам са зьнікненьнем хцівасьці вызваляецца розум, а зьнікненьне ігнаранства наступае праз мудрасьць.
Крыніца: II, 3, 32

Павінны ведаць, што тры рэчы прыналежаць да дурня. Якія тры? Ня бачыць памылку як памылку, калі ўжо бачыць памылку як памылку, ня просіць аб выбачэньні, згодна з Навукамі, калі нехта просіць аб выбачэньні, згодна з Навукамі, не прызнае яму яго. Мніхі, дурня належыць распазнаваць па гэтых трох рысах.
Крыніца: III, 1, 4

Ня верце ў ніякія пасланьні толькі таму, што доўгі час абавязвалі ў многіх краінах. Ня верце ў нешта толькі таму, што многія людзі здаўна гэта паўтараюць. Не прымайце нічога толькі з той нагоды, што нехта іншы гэта сказаў, што падтрымлівае гэта сваім аўтарытэтам нейкі мудрэц ці сьвятар альбо што напісана гэта ў нейкім сьвятым пісаньні. Ня верце ў нешта толькі таму, што выглядае праўдападобна. Ня верце ў бачаньні альбо ўяўленьні, якія лічыце за пасланыя Богам. Майце давер да таго, што прызналі за праўдзівае пасьля доўгага правяраньня, да таго, што прыносіць посьпех вам і іншым.
Крыніца: III, 65 Kalama Sutta

Ёсьць жоны як забойцы: з розумам сапсаваным, нечульлівыя, іншых мужчынаў кахаюць, але сваімі мужамі пагарджаюць, гатовыя нават забіць таго, хто здабыў іх сваім багацьцем. Ёсьць жоны як зладзейкі: што б муж ні купіў, зарабіў для яе альбо напрацаваў, яна стараецца яшчэ нешта з таго сьцягнуць. Ёсьць жоны тыраны: згнюсьнелыя, пражэрлівыя, схільныя да вылежваньня, гвалтоўныя, зласьлівыя і грубыя, такія дамінуюць над мужчынам, які іх утрымлівае. Ёсьць такія жоны як матка: са спачуваньнем клапоцяцца аб сваім мужу, як матка аб сыне, з дбаласьцю распараджаюцца маёмасьцю. Ёсьць жоны прыпамінаючыя сястру: трымаюцца свайго мужа нібы малодшая сястра старэйшага брата і скромна выконваюць яго зычэньні. Ёсьць жоны і сяброўкі адначасова: якіх від мужа заўсёды цешыць як сустрэча прыяцеля пасьля доўгага расстаньня, шляхетныя і цнатлівыя, адданыя свайму мужу. Ёсьць жоны слухмяныя: лагодныя і боязныя, якія зносяць мужа цярплівым сэрцам, ахвотна выконваючыя яго прагненьні.
Крыніца: IV, 91 Sujata Sutta

Крыніца: http://pl.wikiquote.org/wiki/Anguttara_Nikaya


Трыкош → Кош Сутаў → Digha Nikaya

Татхагата нараджаецца час ад часу ў сьвеце як Архат, цалкам асьветлены, багаты ў мудрасьць і дабрыню, Блаславёны, Буда. Дасканала ведае ўсе сьветы і зьяўляецца недасяжным (непераўзыйдзеным) правадніком блукаючых сьмяротнікаў, навучаючы багоў і людзей. Яго разуменьне сусьвету зьяўляецца такім, нібы аглядае яго твар у твар. (...) ведае ўсё аб усіх стварэньнях (...) а веды гэтыя робіць зразумелымі і навучае ім іншых. Праўда, якую аглашае, зьяўляецца цудоўнай у самым пачатку, цудоўнай у сваім разьвіцьці і цудоўнай у сваім зьдзяйсьненьні: прапагандуе ўзьнёслае жыцьцё ва ўсёй сваёй чысьціні і дасканаласьці.
Крыніца: XIII, 40

Гэта маральнасьць, гэта медытацыя, гэта мудрасьць. Медытацыя, насычаная маральнасьцю, прыносіць вялікі плён і карысьць. Мудрасьць, насычаная медытацыяй, прыносіць вялікі плён і карысьць. Розум насычаны мудрасьцю становіцца цалкам вольны ад сапсаваньня, гэта значыць ад сапсаваньня пачуцьцямі, расьсейваньня, памылковых поглядаў і ігнаранства.
Крыніца: XVI, 1.12 Mahāparinibbāna Sutta

Дапусьцім, што нейкі мніх меў бы сказаць: "Сябры, пачуў і атрымаў гэта з вуснаў самаго Спадара: вось гэту Дхаму, вось гэту дысцыпліну, вось гэту навуку Майстра", тады, мніхі, не павінны ані прымаць ані адкідваць яго словаў. Потым, без прыманьня ці адмовы, яго словы павінны быць старанна занатаваныя і параўнаныя з Сутамі і паўторна дасьледаваныя ў сьвятле дысцыпліны. Калі пасьля такога параўнаньня і праверкі акажацца, што не зьяўляюцца згодныя з Сутамі і дысцыплінай, належыць сьцьвердзіць: "Дакладна ня ёсьць гэта словы Буды, былі памылкова зразуметыя гэтым мніхам" і справу належыць пакінуць. Але там, дзе пасьля такога параўнаньня і дасьледваньня акажуцца яны згодныя з Сутамі і дысцыплінай, належыць сьцьвердзіць: "Дакладна, ёсьць тое словы Буды, былі ўласьціва зразуметыя гэтым мніхам."
Крыніца: XVI, 4.8 Mahāparinibbāna Sutta

Усе абумоўленыя зьявы маюць нетрывалую натуру - нястомна практыкуйце далей.
Апісаньне: апошнія словы Буды вымаўленыя перад сьмерцю.
Крыніца: XVI, 6.7 Mahāparinibbāna Sutta


Не заўважаючы Чатырох Шляхетных Праўдаў, якімі ў істоце зьяўляюцца,
Перамяшчаецца ў колка з жыцьця да жыцьця,
Бачачы іх, падтрыманьне для станаўленьня становіцца сарваным.
Карэнь смутку адрэзаны, адраджэньне дасягае канца.
Крыніца: XVI, 23 Mahāparinibbāna Sutta

Памятаю час, калі я быў брамінам, Вялікім Стэвардам, і навучаў сваіх вучняў дарогі да ўзьяднаньня са сьветам Брахмы. Аднак, Паньчасігхо, такое сьвятое жыцьцё не праводзіць да разьвязаньня аблудаў, да безпачуцьцёвасьці, згасаньня, спакою, дасканалых ведаў, асьвятленьня, да Нібаны, а адзінае да адраджэньня ў сьвеце Брахмы. Аднак маё сьвятое жыцьцё надзейна праводзіць да разьвязаньня аблудаў, безпачуцьцёвасьці, згасаньня, спакою, дасканалых ведаў, асьвятленьня, да Нібаны. Гэта Шляхетная Васьмёркавая Сьцежка, альбо: Слушныя Погляды, Уласьцівая Пастава, Адпаведная Мова, Належнае Дзеяньне, Правы Спосаб Жыцьця, Слушны Высілак, Слушная Ўважнасьць, Слушная Канцэнтрацыя.
Крыніца: XIX, 61 Mahāgovinda Sutta

Крыніца: http://pl.wikiquote.org/wiki/Digha_Nikaya


Majjhima Nikaya - сярэдні збор сутаў з палійскага канону, другі са збору Нікая, які зьмяшчае суты рознай даўжыні.

Дапусьцім, мніхі, што на залесенай, нізіннай тэрыторыі ёсьць вялікая багна, вакол якой жыве вялікі статак аленяў. Затым зьяўляецца чалавек прагнучы іх згубы, крыўды і няволі, таму замыкае бясьпечную і добрую сьцежку, па якой бязклопатна бегалі, а адкрывае здрадлівую сьцежку, закладае капканы і імітацыі, так каб вялікі статак аленяў мог трапіць у бяду, катастрофу і згубу. Але іншы чалавек прагнучы іх дабра, пасьпяховасьці і аховы адкрывае бясьпечную і добрую сьцежку, якая праводзіць да шчасьця і ліквідуе здрадлівую сьцежку, выдаляе пасткі і нішчыць імітацыі, так каб вялікі статак аленяў мог узрастаць, павялічвацца і дасягнуць рэалізацыі.
Мніхі, ужыў гэтага параўнаньня, каб перадаць сэнс. Вось яго значэньне: "Вялікая нізінная багна" гэта пачуцьцёвыя прыемнасьці. "Вялікі статак аленяў" гэта акрэсьленьне на жывыя істоты. "Чалавек прагнучы іх згубы, крыўды і няволі" гэта тэрмін для Мары, Злога. "Здрадлівая сьцежка" азначае фальшывую васьмёркавую сьцежку, а менавіта: неўласьцівыя погляды, неўласьцівыя намеры, неўласьцівую мову, неўласьцівае дзеяньне, неўласьцівы спосаб жыцьця, неўласьцівы высілак, неўласьцівую ўважнасьць і неўласьцівую канцэнтрацыю. "Пастка" гэта тэрмін для раскошы і жаданьня. "Імітацыя" гэта акрэсьленьне ігнаранства. "Чалавек прагнучы іх дабра, пасьпяховасьці і аховы" зьяўляецца акрэсьленьнем для Татхагаты, урэчаісьненага і цалкам асьветленага. "Бясьпечная і добрая сьцежка па якой можна бязклопатна бегаць" ёсьць сінонімам Шляхетнай Васьмёркавай Сьцежкі: уласьцівых поглядаў, намераў, мовы, дзеяньня, спосабу жыцьця, высілку, уважнасьці і канцэнтрацыі.
Таму, мніхі, бясьпечная і добрая сьцежка, якой можна перамяшчацца безклапотна, была мной нанова адкрытая, здрадлівая сьцежка была адрэзанай, пастка прыбрана, імітацыя зьнішчана.
Што павінна быць зроблена для вучняў, са спачуваньня, настаўнікам, які прагне ім дабра, гэта я ўласна для вас учыніў, мніхі. (...) Медытуйце, мніхі, не затрымлівайцеся, бо іначай пазьней будзеце шкадаваць.
Крыніца: XIX, 25-27

Нават калі б бандыты мелі брутальна адразаць пілой вашыя канчаткі, той, хто дазволіць сабе на нянавісьць у стасунку да іх, засупярэчыць маёй навуцы.
Крыніца: 21 Kakacūpama Sutta

Калі можна знайсьці вартага прыяцеля,
Цнатлівага, вернага таварыша,
Тады здолей усе супраціўнасьці
І вандруй зь ім шчасьліва і сьвядома.
Але калі ня знойдзеш вартага прыяцеля,
Цнатлівага, вернага таварыша,
Тады як кароль, які пакідае сваё страчанае каралеўства,
Вандруй самотна як слон праз джунглі.
Лепей ісьці самому чым у таварыстве дурняў.
Апісаньне: словы, якія Буда вымавіў, пакідаючы сварлівых мніхаў.
Крыніца: 128 Upakkilesa Sutta


Усё што існуе, паўстае з прычын і ўмоваў і зьяўляецца нетрывалым пад кожным поглядам. Кожная без выключэньня рэч зроджаная да існаваньня і арганізаваная зьмяшчае сама ў сабе прыроджаную неабходнасьць раскладу. Усе складовыя часткі мусяць састарэць.

(...) Якая прычына, якая нагода подласьці і знакамітасьці сярод людскога роду? Паколькі бачыцца людзей жывучых каротка альбо жывучых доўга, бачыцца людзей хворых альбо здаровых, шпэтных альбо прыгожых, ня маючых уплыву альбо ўплывовых, бедных і багатых, нізка-народжаных і высока-народжаных, дурных і быстрых. Таму якая прычына, якая нагода, што відаць подласьць і знакамітасьць сярод людзей, сярод людской расы?

Істоты зьяўляюцца ўладальнікамі камы, насьледнікамі камы, народжаныя з камы, скроўненыя праз каму і маюць каму за свайго судзьдзю. Кама зьяўляецца тым, што стварае розьніцу паміж істотамі, як у тым што звычайнае, так і ў тым што субтэльнае.
Крыніца: 135 Cula-kammavibhanga Sutta

Ёсьць выпадкі, вучню, калі жанчына альбо мужчына зьяўляецца забойцам жывых істотаў, маючым кроў на руках, схільным да ўсьмярочваньня і мардаваньня, не аказваючым літасьці ў стасунку да жывых істотаў. Праз прыняцьце і выконваньне такіх дзеяньняў, разам з распадам цела, пасьля сьмерці, ён альбо яна адродзіцца ў сьферы ўпадку, у кепскім месцы, ніжэйшых сьветах, пекле. Калі пасьля распаду цела, пасьля сьмерці (...) адродзіцца ў людскім стане, тады яна альбо ён будуць каротка жыць дзе б ні адрадзіліся. Гэта дарога праводзячая да кароткага жыцьця: быць забойцам жывых істотаў, маючым кроў на руках, схільным да ўсьмярочваньня і мардаваньня, не аказваючым літасьці ў стасунку да жывых істотаў.

Але ёсьць таксама выпадкі, калі жанчына альбо мужчына, пакінуўшы забіцьцё жывых істотаў, устрымліваюцца ад усьмярочваньня жывых істотаў, жывуць з прутам адкладзеным, ножам адкладзеным, асьцярожныя, міласэрныя, спачуваючыя для дабра ўсіх істот. Прымаючы такую паставу і дзеяньні, разам з распадам цела, пасьля сьмерці, яна альбо ён нараджаецца ў добрым месцы, у небе. (...) Калі пасьля распаду цела, пасьля сьмерці (...) адродзяцца ў людскім стане, тады яна альбо ён будуць доўга жыць дзе б ні адрадзіліся. Гэта дарога праводзячая да доўгага жыцьця: пакіданьне забіцьця жывых істотаў, устрыманьне ад забіцьця жывых істотаў, жыцьцё з прутам адкладзеным, ножам адкладзеным, асьцярожна, міласэрна, са спачуваньнем для дабра ўсіх істот.
Крыніца: 135 Cula-kammavibhanga Sutta

(...) вучню, дарога праводзячая да кароткага жыцьця выклікае, што людзі жывуць каротка, дарога праводзячая да доўгага жыцьця выклікае, што ёсьць людзі даўгавечныя, дарога праводзячая да хваробасьці выклікае, што ёсьць людзі хваравітыя, дарога да здароўя выклікае, што ёсьць людзі здаровыя; дарога да брыдоты спраўляе, што ёсьць людзі брыдкія, дарога да прыгажосьці чыніць прыгожых людзей, дарога праводзячая да браку ўплыву спраўляе, што ёсьць людзі мала ўплывовыя, дарога праводзячая да ўплыву чыніць людзей уплывовымі, дарога праводзячая да ўбоства спраўляе, што ёсьць людзі бедныя, дарога да багацьця спраўляе, што ёсьць людзі заможныя, дарога праводзячая да нізкіх народзінаў чыніць людзей нізка народжанымі, дарога праводзячая да высокага роду чыніць высока-народжаных людзей; дарога да глупства спраўляе, што людзі зьяўляюцца дурнымі, дарога праводзячая да быстрасьці чыніць людзей быстрымі.
Крыніца: 135 Cula-kammavibhanga Sutta

Крыніца: http://pl.wikiquote.org/wiki/Majjhima_Nikaya


Samyutta Nikaja [злучаныя / скроўненыя мовы] - трэці зь пяці Нікая збор сутаў Буды сьпісаных на мове палі, што перахоўваюцца ў традыцыі Тгеравада ["Навука Старэйшых", найдаўжэй існуючая будыйская школа сярод раньніх будыйскіх школаў].

Хто на гэтым сьвеце стрымліваецца сумленьнем,
хто будзіцца з дакорамі нібы прыгожы жарабец ад бізуна?
Тыя стрыманыя сумленьнем, якія ідуць праз жыцьцё заўсёды ўважныя - нешматлікія.
Па дасягненьні крэсу цярпеньня і нядолі перакрочваюць няроўнасьці раўнамерна;
крочаць меладычна праз фальш.
Крыніца: I, 18 Hiri Sutta

Калі дом гарыць,
захаваным начыньнем зьяўляецца тое,
што можна будзе выкарыстаць,
ня тое, што засталося, каб гарэць.

Таму калі сьвет гарыць
агнём старасьці і сьмерці,
належыць ратавацца праз даваньне:
што раздана, добра забясьпечана.

Тое, што раздана, прыносіць прыемныя плёны.
Што нераздадзена, не прыносіць:
зладзеі забяруць альбо каралі;
агонь стравіць альбо будзе страчана.

Потым урэшце кожны пакіне гэтае цела,
як таксама свой здабытак.
Ведаючы аб тым, інтэлігентны чалавек
цешыцца маёмасьцю і раздае.

Нацешыўшыся і раздаўшы
адпаведна да сваіх сродкаў,
бездакорна адыходзіць да нябеснай дзяржавы.
Крыніца: I, 41 Aditta Sutta

Прагненьне зьвязана з гэтым сьветам,
апанаваньне пажаданьня вызваляе,
дзякуючы пакіданьню жаданьня
ўсе вязы адразаюцца.
Крыніца: I, 69 Iccha Sutta

Забіўшы злосьць,
засынаеш спакойна.
Забіўшы злосьць,
ня смуцісься.
Шляхетныя ўсхваляюць
усьмярочваньне гневу
- што мае салодкі квет,
аднак корань атручваючы -
бо забіваючы яго,
ня смуцісься.
Крыніца: I, 71 Ghatva Sutta

Жыцьцё ўмыкае, трывае амаль столькі як ніколькі.
Для зсунутага ў старасьць няма прыстанішча.
Заўважаючы гэтую небясьпеку сьмерці,
належыць пакінуць паваб гэтага сьвету і шукаць спакою.
Крыніца: II, 19 Uttara Sutta

Стрыманасьць цела ёсьць добрай,
добрай ёсьць стрыманасьць мовы.
Стрыманасьць сэрца зьяўляецца добрай,
добрай ёсьць стрыманасьць усюды.
Будучы ўмераным паўсюль,
старанным, зьяўляесься ахоўваемым.
Крыніца: III, 5 Atta-rakkhita Sutta

Хаця думкамі ахінаем цэлы сьвет,
нідзе ня знойдзем нічога даражэйшага для сябе за ўласнае я.
Таму, паколькі для іншых я зьяўляецца гэтаксама дарагім,
той, хто сябе мілуе, нікога не павінен раніць.
Крыніца: III, 8 Mallikaa Sutta

Чалавек можа рабаваць
так доўга як гэта служыць яго мэтам,
але, калі рабуецца іншых,
той хто рабаваў
будзе абрабаваны ў адказ.

Дурань думае:
"Цяпер мой шанец"
так доўга як яго зло
яшчэ не пасталела.
Але, калі сталее,
пагружаецца дурань у нядолі.

Забіваючы, становісься забойцам.
Нападаючы, атрымліваеш сваіх будучых нападнікаў;
зьневажаючы, зьнявагу;
непакоячыся, непакой.

І так, праз цыклічныя дзеяньні,
той, хто рабаваў,
будзе абрабаваны ў адказ.
Апісаньне: словы выглашаныя па вайне 2 каралеўстваў.
Крыніца: III, 15 Sangama Sutta


Хцівасьць, нежаданьне і аблуда
- паходзяць з эгаізму -
нішчыць асобу неразважную,
яе ўласны плод, хцівасьць.
Крыніца: III, 23 Loka Sutta

Усё ў колка мучаецца і працуе;
Усё ў колка дурань ідзе да лона.
Усё ў колка нараджаецца і памірае;
Усё ў колка носяць яго да труны.
Але той, чыя мудрасьць зьяўляецца шырокай як сьвет, не нараджаецца ў колка,
Бо дасягнуў сьцежкі неадраджэньня.
Крыніца: VII,12 Udaya Sutta

Тады, мніхі, гэтая думка прыйшла да мяне: "Што мусіць заіснаваць, каб старасьць і сьмерць былі магчымымі? Што зьяўляецца ўмовай старасьці і сьмерці?" Тады, мніхі, калі разважыў гэта дакладна, зьявіліся погляд і разуменьне: "Прысутнасьць народзінаў выклікае старасьць і сьмерць; старасьць і сьмерць абумоўлены народзінамі." Затым зьявілася думка: "Што мусіць заіснаваць, каб наступілі народзіны? Што абумоўлівае народзіны?.. станаўленьне?.. чапляньне?.. прагненьне?.. пачуцьце?.. кантакт?.. шэсьць успрыманьняў?.. розум і цела?.. сьвядомасьць?.. каму?" Тады, мніхі, калі разважыў тое дакладна, зьявіліся погляд і разуменьне: "Прысутнасьць няведаньня выклікае паўставаньне камы; кама зьяўляецца абумоўленай няведаньнем." Таму, так тое ідзе. "Няведаньне абумоўлівае каму, кама абумоўлівае сьвядомасьць... І так паўстае гэтая цэлая маса цярпеньня."

Тады, мніхі, гэтая думка прыйшла да мяне: "Чаго мусіць забракнуць, каб старасьць і сьмерць незаіснавалі?" Тады, мніхі, калі разважыў тое дакладна, зьявіліся погляд і разуменьне: "З браку народзінаў старасьць і сьмерць не паўстаюць. Са спыненьнем народзінаў занікаюць старасьць і сьмерць... станаўленьне... чапляньне... прагненьне... пачуцьце... кантакт... шэсьць успрыняцьцяў... розум і цела... сьвядомасьць... кама." У гэты спосаб зьнікае ўся гэта маса цярпеньня.

"Спыненьне, спыненьне!" - з гэтай думкай, мніхі, паўстала ўва мне рэч датуль неспатыкальная: погляд, веды, зразуменьне, сьвятло.
Крыніца: XII, 10 Mahaa Sakyamuni Gotamo Sutta
Каментар: для лепшага зразуменьня арыгінальнае сфармуляваньне "назва і форма" перакладзены як розум і цела.


Крыніца: http://pl.wikiquote.org/wiki/Samyutta_Nikaya


Словы Буды з паза Палійскага Канону (зь меней надзейных крыніцаў):

Указаў вам метады, якія праводзяць да вызваленьня,
Аднак павінны ведаць, што вызваленьне залежыць ад вас саміх.


Розум ёсьць як маляр (мастак).
Розум вытварыў складаньні.
Усе існуючыя сьветы
Зьяўляюцца выявамі намаляванымі розумам.


Мніхі і навукоўцы!
Так як выпальваецца, выразаецца і паліруецца золата,
Так таксама належыць дасьледваць мае словы
І не прымаць іх адно толькі з павагі да мяне.


Як глухі музыка,
Які выклікае радасьць іншых,
Але ня можа цешыцца ўласнай музыкай:
Такой ёсьць Дхарма безь медытацыі.

Як перавозьнік на рацэ,
Які дапамагае іншым пераправіцца,
Аднак сам да сьмерці застаецца на адным беразе:
Такой ёсьць Дхарма безь медытацыі.

Так як смаку мялісы
Не пазнаць дзякуючы апісаньню,
Так таксама смак пусткі
Належыць пазнаць празь медытацыю.


Калі маладая дзяўчына сьніць,
Што ў яе нараджаецца сынок, які затым памірае,
Спачатку адчувае радасьць, а пасьля смутак:
Ведай, што ўсе зьявы ёсьць уласна такія.


Нехта, хто нарадзіўся, але яго сьмерць не наступіць -
Такія рэчы не існуюць у гэтым сьвеце,
Ані ў паветры, ані ў акіянах,
Ані на найвышэйшых гарах.


Калі бачым прыязных людзей, адчуваем прыцягненьне.
Калі прысутнічаюць істоты, якія крыўдзяць іншых, нашыя розумы становяцца агрэсіўнымі.
Іншыя выклікаюць узрост нашага няведаньня.
У кожным выпадку брамы нашых здольнасьцяў зьняволены.


Піцьцё вады ў сьне
Ня згасіць тваёй прагі.
Падобна ёсьць з усіма аб'ектамі пажаданьня:
Не прынясуць табе задавальненьня,
Нават калі імі цешысься.


Зямныя ворагі адно толькі крадуць наша жыцьцё. Страчваем толькі сваё цела, але ня падаем у ніжэйшыя сьветы.


Розум пазбаўлены розуму, паколькі мае прыроду празрыстага сьвятла.


Рэч, якую ты афяраваў, належыць табе,
але рэчы пакінутыя дома - не.
Рэч, якую афяраваў, мае эсэнцыю,
рэчы пакінутыя дома такой ня маюць.
Рэч, якую афяраваў, ня мусіш ахоўваць;
рэчы пакінутыя дома патрабуюць аховы.
Рэч, якую афяраваў, ёсьць вольнай ад страху;
рэчы пакінутыя дома напоўненыя ім.
Рэч, якую афяраваў, прыблізіць цябе да асьвятленьня;
рэчы пакінутыя дома накіроўваюцца ў бок мар-дэманаў.
Дзякуючы практыцы шчодрасьці будзем багатыя;
рэчы пакінутыя дома не даюць большага багацьця.
Рэч, якую афяраваў, прынясе невычэрпальнае багацьце;
рэчы пакінутыя дома - не.


Мы не павінны ўтрымліваць маральную дысцыпліну з думкай аб абагачэньні, аб адраджэньні ў вышэйшых сьветах, дасягненьні стану Індры альбо Брахмы ці Ісьвары, аб станаўленьні ўладцам ці атрыманьні дасканалага цела.
Мы не павінны ўтрымліваць маральную дысцыпліну са страху перад адраджэньнем у пекле ці сьвеце жывёлаў. Мы не павінны ўтрымліваць яе са страху перад адраджэньнем у сьвеце Ямы.
Мы павінны ўтрымліваць маральную дысцыпліну для таго, каб правесьці адчувальныя істоты да стану Буды. Павінны ўтрымліваць яе, каб несьці дабро і шчасьце ўсім адчувальным істотам.


Глыбокую і спакойную, вольную ад усялякіх ускладненьняў, простую сьвятлістасьць:
Знайшоў прыпамінаючую нектар Дхарму.
Калі б аднак меў бы ёй навучаць, ніхто б яе не зразумеў.
Застануся таму ў лясной цішыні.


Ці йснуе хто-небудзь, хто мог бы заўтра не памерці?
Таму ўласна сёньня мы павінны чыніць высілкі.


У сьне можа зьяўляцца мноства рэчаў, аднак ніводная зь іх не існуе.
Падобна ўсе зьявы ёсьць праяўленьнем таго, што не існуе.


Зьяўленьне цела,
Маёмасьці, радасьці і смуткаў
Ёсьць нічым іншым як выабражэньнем розуму:
Гэта сны створаныя розумам.



Апошняе навучаньне Абуджанага

1. Лежачы ў стоп дрэваў саля ў Кусінагажы, Буда скіраваў да вучняў свае апошнія словы:

"Учыніце зь сябе сьвятло. Пакладайцеся на сябе, ні на каго не разьлічвайце. Мае навукі няхай будуць сьвятлом для вас. Пакладайцеся на іх і не давярайце ніякім іншым навукам.

Разважце нячыстасьць цела. Ці можна саступаць яго жаданьням, ведаючы, што боль і раскоша аднолькава праводзяць да цярпеньня? Разважце ўласнае "я", яго мінаньне. Як можна даваць яму ашукваць сябе, быць ганарыстым і самалюбным, калі ўсё мусіць скончыцца цярпеньнем? Задумайцеся над рэчамі. Ці ёсьць сярод іх нешта трывалае, нешта, што не зьнішчаецца і - раней ці пазьней - не распадаецца ў пыл? Няхай вас не палохае пашыранасьць цярпеньня; таксама па маёй сьмерці стасуйце маю навуку, і будзеце вольныя ад болю; будзеце сапраўды маімі вучнямі.

2. Навукі, якія вам пакідаю, ня могуць стаць забытымі, ня могуць згінуць. Належыць іх прыхоўваць як скарб, абдумваць і прымяняць! Калі пойдзеце за іх указаньнямі, будзеце заўсёды шчасьлівыя.

Істотай маіх навукаў ёсьць панаваньне над уласным розумам. Ахоўвайце вашыя розумы ад жаданьня, і вашыя целы і думкі будуць чыстыя, а словы праўдзівыя. Разважаючы аб нетрываласьці жыцьця, будзеце здольныя супрацьстаяць прагнасьці і злосьці, пазьбегнеце ўсялякага зла.

Калі выстаўлены жаданьнем на праверку розум прагнецца - перамажыце спакусы. Належыць быць гаспадаром уласнага розуму.

Розум чалавека можа ўчыніць яго Будам, можа таксама ўчыніць яго быдлам. Чалавек, які блукаючы збочвае на злую дарогу, становіцца дэманам; асьветлены - становіцца Будам. Таму кантралюйце вашыя розумы і не дазвольце ім сысьці з адпаведнае сьцежкі.

3. Згодна з тым, чаму вучыў, мусіце шанаваць адзін аднаго і пазьбягаць спрэчак. Не павінны падзяляцца як вада і аліва, але злучаць як малако і вада.

Вучыцеся, навучайце і практыкуйце разам. Не марнуйце часу і не паслабляйце розуму бязчыннасьцю ані спрэчкамі. Радуйцеся кветкам Асьвятленьня і зьбірайце плады, якія знаходзяць тыя, што йдуць ўласьцівай сьцежкай.

Ідучы гэтаю сьцежкаю, займеў навукі, якія вам перадаваў. Прытрымлівайцеся іх і захоўвайцеся згодна зь імі ў любых абставінах.

Калі імі пагарджаеце - гэта значыць, што мяне ніколі не спаткалі - нягледзячы на тое, што зараз знаходзіцеся поруч са мной. Але калі прымаеце мае ўказаньні, знаходзіцеся блізка мяне, нават калі прыбываеце на адлегласьці.

4. Вучні мае! Канец мой збліжаецца і неўзабаве расстанемся, але не ўпадайце ў роспач з гэтай нагоды. Жыцьцё зьмяняецца песьперастанку й ніхто не пазьбегне распаду свайго цела. І мае часткі распадуцца па маёй сьмерці як зьнішчаны воз.

Не аддавайцеся марнаму бедаваньню, але ўсьвядомце, што няма нічога трывалага, а людское жыцьцё нічога ня значыць. Пакіньце нямудрае жаданьне, каб тое, што мінае, сталася немінаючым.

Дэман зямных жаданьняў увесь час спрабуе ўвесьці розум чалавека. Калі ў тваім пакоі жыве зьмяя, то мусіш яе выгнаць, каб змог спаць спакойна.

Мусіце сарваць кайданы зямных пачуцьцяў і адкінуць іх прэч, як бы зрабілі са зьмяёй. Мусіце рашуча бараніць уласны розум.

5. Вучні мае, вось надышла апошняя хвіліна. Не забывайце, што сьмерць азначае толькі зьнікненьне зямнога цела. Паўстала яно з бацькоў і жывілася харчаваньнем - таму мусіць захварэць і памерці.

Але не людское цела зьяўляецца сапраўдным Будам, толькі Асьвятленьне. Цела зьнікне, але Мудрасьць Асьвятленьня застаецца назаўсёды ў праўдзе Дхармы і ў практыцы Дхармы. Ня той сапраўды мяне бачыць, хто заўважае асобу, але той, хто прымае мае навукі.

Пасьля маёй сьмерці Дхарма будзе вашым настаўнікам. Застанецеся верныя мне, калі будзеце захоўвацца згодна з указаньнямі Дхармы.

Навучаючы на працягу апошніх сарака пяці год, нічога не прыхоўваў. Няма ніякіх таемных навукаў, ані схаваных значэньняў; усё выкладзена шчыра і ясна. Мае дарагія вучні, гэта ўжо ўсё. Праз хвілю дасягну Нірвану. Перадаў вам маю волю."


Спампаваць цалкам [attachment=60:slovy-abudzanaha-z-roznych-sutau-i-prypoviesciau.pdf]

Будызм

Copyright © 2012- да Абуджэньня Навука Абуджанага Усе правы абаронены.
Вылучы знойдзеную памылку курсорам і паведамі нам праз Ctrl+Enter. Дзякуем!